25.03.2016 Пра майстроў і юбіляраў

 

У межах  Года  культуры  Каладзішчанская сельская бібліятэка No 1 філіяла Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі правяла тыдзень беларускай і рускай мовы  і  літаратуры  для  вучняў старэйшых класаў  Каладзішчанскай сярэдняй школы. Як  паведаміла  рэдакцыі  «ЛіМа» супрацоўніца Мінскай раённай цэнтральнай  бібліятэкі  Святлана  Коўзелева, з гэтай нагоды адбыліся  літаратурна-музычная сустрэча з паэтам і кампазітарам, лаўрэатам рэспубліканскіх ды міжнародных конкурсаў, фестываляў аўтарскай песні  Аляксеем  Нежаўцом і сябрам Саюза  пісьменнікаў  Беларусі  і  Беларускага саюза  журналістаў  Зіновіем Прыгодзічам. Падчас сустрэч гучалі песні і вершы. Сваімі творчымі пошукамі дзялілася і моладзь.

Год  культуры  багаты  на  пісьменніцкія  юбілеі. З гэтай нагоды ў цэнтральнай  бібліятэцы  імя  А.  С.  Пушкіна горада   Мазыра   адкрыўся   літаратурны  вернісаж  «Майстры  пяра»,  прысвечаны  беларускім  творцам-юбілярам. Рэдакцыі «ЛіМа»  пра  гэта  распавяла  метадыст аддзела  бібліятэчнага  маркетынгу Галіна Сень. У экспазіцыі можна сустрэць прадстаўнікоў  розных  эпох:  Івана  Мележа і Міхася  Чарота, Цётку і Янку Лучыну ды шмат каго яшчэ. Побач з партрэтам кожнага змешчана невялікая   біяграфічная даведка і цікавыя звесткі пра творчасць.

Новы  зборнік  сваіх  вершаў у перакладах на рускую мову «Цеплыня рамонкавай  мяцеліцы» («Тепло  ромашковой  метели»)  прадставіў у Доме  Масквы старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.Пераклады, якія ўвайшлі ў кнігу, прадставілі паэты Валянціна Паліканіна, Лізавета Палеес,  Мікола  Шабовіч. Прысвечаныя творцу  ўласныя  радкі, а таксама верш 
Міхася  Пазнякова  ў  перакладзе свайго бацькі  Браніслава  Спрынчана прадэкламаваў паэт Вадзім Спрынчан. Вершы ў перакладзе   паэта, галоўнага  рэдактара часопіса «Новая Немига литературная» Анатоля   Аўруціна прачытала артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады Вольга Багушыньска. Прагучалі і песні на вершы творцы ў выкананні  артыста  беларускай эстрады Сяргея Краўца.

Юбілей Кандрата Крапівы адзначылі ў сярэдняй школе No2 горада Узды, якая носіць імя гэтага класіка айчыннай літаратуры. У  сустрэчы ўзялі ўдзел  пісьменнікі  Васіль Шырко, Віктар Сабалеўскі, Таццяна Цехнябедзіна, сябар уздзенскага літаратурнага аб’яднання «Нёманец» Тамара Каляда. Пра гэта рэдакцыя «ЛіМа» даведалася ад Ліаны Тападзе, кіраўніка літаб’яднання  «Творчая лабараторыя», што дзейнічае на базе школы. Тут, у адноўленым музеі Кандрата Крапівы, адбыліся Крапівінскія чытанні, падчас  якіх  вучні распавядалі пра жыццёвы і творчы шлях класіка айчыннай літаратуры. Пра свае сустрэчы з Кандратам Крапівой  распавёў Васіль Шырко. Госцілітаратары прачыталі ўласныя вершы. У актавай зале школы разгарнуўся  «Крапівінскі кірмаш» з   інсцэніроўкай баек пісьменніка ў выкананні юных акцёраў школьнага тэатра-студыі «Вітамін» пад кіраўніцтвам Марыны Шыцікавай.

Бадай, ніводная  навучальная  ўстанова не рыхтуе спецыялістаў такога шырокага кола прафесій, што маюць непасрэднае  дачыненне да кнігі, як Мінскі дзяржаўны паліграфічны каледж. Спектр прафесійнай дзейнасці — ад падрыхтоўкі і выдання кніг да  рэалізацыі друкаванай прадукцыі. Таму невыпадкова тут надаецца вялікая ўвага літаратуры. Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі ў  Мінскую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя Янкі Купалы разам з пісьменнікам Анатолем Зэкавым завіталі навучэнцы каледжа.  Сталічным  старшакласнікам і сваім аднакурснікам прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю па вершах айчынных і замежных  паэтаў. Падчас імпрэзы гучалі  вершы і песні на словы Уільяма Шэкспіра, Мікалая Рубцова, Янкі Купалы, Яўгеніі Янішчыц ды іншых   майстроў прыгожага пісьменства.

ЛіМ", 2016, 25 сакавіка

Дзіна ДОЛЬСКАЯ
 

18.03.2016 Вясновая эстэтыка

Яе ўсе чакаюць з заміраннем сэрца. Вясною настрой на ўзвышанае і прыгожае. У 18-й бібліятэцы жаданую пару сустрэлі мастацкай экспазіцыяй. У галерэі «Вільнюс», што працуе на базе кніжніцы, акурат у першыя дні вясны адкрылася выстаўка работ мастака Валерыя Сямёнава «Поры года».

Стварыць   мастацкую галерэю ў бібліятэцы калісьці прапанаваў сябар кніжніцы, народны мастак Беларусі Аляксандр Кішчанка.  Былой  загадчыцы бібліятэкі Алене  Сухадолавай  ідэя спадабалася. Мастацкая галерэя «Вільнюс» адкрылася ў  1997 годзе. Першыя   выстаўкі адбыліся ў невялікай вузенькай зале з пабеленымі  сценамі. Потым у бібліятэцы зрабілі рамонт. І цяпер   зала, хай  невялікая, прыцягвае  ўтульнасцю. Гэтая прастора даспадобы не толькі мастакам, але чытачам і наведвальнікам.

— Бібліятэка сёння — гэта ўвогуле цэнтр культуры,   —   адзначае загадчык бібліятэкі  №18 Кацярына   Зверава. — Прыйсці   не толькі па  кнігі,  але  і  арганізаваць  тут  вольны  час. Бібліятэкі  праводзяць  добрую  масавую  работу  па  розных  напрамках:  гэта  і  сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі. Тут можна займацца хэнд-мэйдам,  можна  сустрэцца  з  мастакамі,  як  у  нашай бібліятэцы. З  мастаком Валерыем Сямёнавым супрацоўнічаем не ўпершыню. Гэта ўжо другая яго персанальная  выстаўка. Папярэдняя  была  ў  2010  годзе.  Гэтым  разам  мы  вырашылі  прадставіць  пейзажы, паказаць іх філасофскую насычанасць. «Раніца вясны», «Маўклівасць», «Зімні сон», «Чаканне»,  «Запрашэнне  ў  восень»,  «Бярозавы гай», «Дарога да храма»,«Восеньскае святло» — на думку мастака, праз прыроду можна ачысціцца.  Вясна  прыходзіць  пасля  зімовай маўклівасці. Своеасаблівае      адушаўленне. Работы  алегарычныя.  Анёлы,  прыкладам,  у  В. Сямёнава сімвалізуюць новае жыццё. Мастак хоча знайсці трэцяе вымярэнне.

—  Імкнуся  дамагчыся,  каб  святло  ішло  не ад мяне, а ад трэцяга вымярэння, — адзначае Валерый  Сямёнаў.  —  Каб  глядач  адчуў  сябе не сузіральнікам карціны, а ўнутры яе.

Валерый  Сямёнаў  скончыў  Беларускі  дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1984 г. Персанальныя   выстаўкі  ладзіліся ў   музеі скульптуры і жывапісу імя А. Бембеля, галерэі «Славутыя  майстры»,  «Канцэпцыя»,  «Верхні  горад», серыя выставак у Траецкім прадмесці, палацы    мастацтваў.    Работы    знаходзяцца ў калекцыях розных краін свету.

—  Валерыя  Мікалаевіча  я  ведаю  са  студэнцкіх гадоў, — дзеліцца мастак, сябар героя Анатоль Бяляўскі. — Мы сёння бачым цудоўнага  рамантычнага  пейзажыста,  глыбокага,  філасофскага.   Акрамя   гэтага,   ён   выдатны металіст  (мастак  па  метале),  манументаліст, скульптар,  пісаў  іконы,  рабіў  геаметрычнае панно. Цяпер яшчэ і педагог.

Валерый  Сямёнаў  кіруе  выяўленчай  студыяй   «Майстар»   пры   Цэнтры   дадатковай адукацыі  дзяцей  і  моладзі  «АРТ»  г.  Мінска. Двое  з  яго  вучняў  прадставілі  работы,  створаныя  да  выстаўкі:  Віка  Сяліцкая  («Вясна  ідзе», «Вясна»)  і  Уладзімір    Цвірко («Казачны лес», «Май у квецені»). Летась у бібліятэцы была   дзіцячая   выстаўка   выяўленчай    студыі    «Майстар»    да 70-годдзя Перамогі. Работы юных мастакоў упрыгожваюць   сцены   сярэдняй   школы No 177 г. Мінска, сцены цэнтра «АРТ».  Намеснік   дырэктара цэнтра  «АРТ»  Святлана  Рагімава  ўручыла  творцам  падарункі.  Завіталі  на  выстаўку  і навучэнцы     гімназіі-каледжа мастацтваў.

—   Мы   актыўна   працуем у  эстэтычным   кірунку,   —   заключае  загадчык кніжніцы Кацярына  Зверава.  —  Калекцыя ствараецца  з  работ,  якія пакінулі  ў  дар  мастакі,  што  ў нас  выстаўляліся:  ёсць  работы Марыі   Ісаёнак, Леаніда   Леўчанкі, Янкі Рамановіча, графіка Аляксандра  Балянка  і  іншыя.  Урокі  эстэтычнага  выхавання  ладзім  для  ўсіх узростаў.

Графіка,   батык,   габелен...   А   энкаўстыка? І  пра  гэта  распавядуць  у  бібліятэцы  No  18. Чытачы ідуць у кніжніцу і   наведваюць галерэю. Зала пастаянна адчынена і даступная для прагляду. А бібліятэкар правядзе экскурсію:  і  па  цяперашняй  выстаўцы,  і  па  пастаяннай экспазіцыі.

 

ЛіМ", 2016, 18 сакавіка

Наталля СВЯТЛОВА

18.03.2016 Каханне і гісторыя

Свята  паэзіі  «З  любоўю  да  жанчыны»,  арганізаванае  Мінскім  гарадскім аддзяленнем СПБ і Саюзам жанчын БДУ,  прайшло  на  філалагічным  факультэце Белдзяржуніверсітэта.

Вядучы  імпрэзы,  старшыня  МГА  СПБ  Міхась  Пазнякоў,  у  вершах  з  новай  паэтычнай кнігі «Наталенне Радзімай» паказаў, наколькі шмат значыць для сучаснага чалавека  ўнутраная  блізкасць  з  роднымі  мясцінамі   ды   людзьмі.   Перад   аўдыторыяй  выступілі  паэты  Міхась  Башлакоў, Навум    Гальпяровіч,    Уладзімір    Мазго, Змітрок Марозаў, Мікола Шабовіч, Хізры Асадулаеў, Анатоль Зэкаў.

Міжнароднаму  жаночаму  дню  было  прысвечана і чарговае пасяджэнне Клуба творчых жанчын «Спадарыня», які ўзначальвае член СПБ, дзіцячая пісьменніца Тамара Бунта, у сталічнай публічнай бібліятэцы No 5. У адрозненне ад мінулых сустрэч, гэтым разам у межах клуба сваю творчасць  прадстаўлялі  выключна  мужчыны: гучалі вершы ў аўтарскім выкананні
Міхася   Пазнякова,   Міколы   Шабовіча, Анатоля Зэкава, песні спявалі пісьменнік і  бард  Дзмітрый  Пятровіч,  кампазітар і спявак  Сяргей  Кравец. Са святам павіншаваў удзельніц  клуба і дацэнт БДУ  Уладзімір Навумовіч.

Кніга сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі  Яўгена  Хвалея  «Серабрыстыя таполі» летась выйшла ў выдавецтве «Чатыры  чвэрці»  ў  серыі  «Бібліятэка  Саюза пісьменнікаў    Беларусі».    «Серабрыстыя   таполi» — раман-эсэ пра мастака-рамантыка ХIХ ст. Валенція Ваньковіча. Таму на прэзентацыю  гэтага  выдання,  што  адбылася ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева, прыйшлі не толькі аматары беларускай літаратуры, але  і  гісторыкі,  краязнаўцы.  Падчас  імпрэзы   можна   было   пазнаёміцца з выстаўкамі  «Выдавецтва  “Чатыры  чвэрці”» і «Вернутыя  імёны:  Валенцій  Ваньковіч», дзе экспанаваліся кнігі і артыкулы з фондаў бібліятэкі.

Супрацоўнікі  дзіцячага  аддзела  Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі зладзілі свята беларускай мовы   з   удзелам   пяцікласнікаў мясцовай  сярэдняй  школы №  2. Юныя  чытачы  дэкламавалі   вершы,   адгадвалі   загадкі, удзельнічалі   ў  літаратурных   конкурсах і гульнях.  Слухалі  казкі  ў  выкананні  аўтара  —  рагачоўскага  пісьменніка  Міхася Слівы. Падчас імпрэзы адбыўся спектакль з  удзелам  бібліятэкараў  і  вучняў  па  матывах аднаго з твораў пісьменніка.

Каб  узгадаць  самыя  прыемныя  моманты   зімы,   варта   ўзяць у рукі  кнігу   Кацярыны  Хадасевіч-Лісавой «Казкі   чараўніцы   Зімы». Зазірнеш   пад  вокладку  —  і,  нібыта  на  машыне  часу, перанясешся  ў  святочныя  дні.  Ды і сама пісьменніца падчас   прэзентацый, якія прайшлі  ў  бібліятэках  і  школах  сталіцы і вобласці, ператвараецца ў спадарыню Зіму.   Бо   хто,   як   не   яна,   можа  распавесці       марозна-снежныя       казкі! Дарэчы,  кожны  з  юных  чытачоў  можа  паспрабаваць  сябе  ў  якасці  акцёра  і  сыграць  ролю  аднаго  з  персанажаў  зімовай  гісторыі.

Вучні   Дубаўлянскай   СШ   Мінскага   раёна часта наведваюць культурны цэнтр суседняга     аграгарадка     Бальшавік, дзе    займаюцца ў розных гуртках  па  інтарэсах.  Нядаўна  хлопчыкі і дзяўчынкі  сабраліся ў  цэнтры,  каб слухаць,  актыўна рэагаваць  і  атрымліваць  адказы  на  пытанні  —  менавіта  ў  такім   фармаце   прайшла   арганізаваная па ініцыятыве загадчыцы бібліятэкі аграгарадка Валянціны Шэўчык сустрэча чацвёртакласнікаў з паэтам Анатолем Зэкавым.
 

ЛіМ", 2016, 11 сакавіка

Дзіна ДОЛЬСКАЯ

04.03.2016 Лірыка не без імпэту

 

Творчая вечарына маладой паэтэсы, сябра (дарэчы, самага маладога!) Саюза пісьменнікаў  Беларусі, студэнткі  Мінскага  дзяржаўнага  лінгвістычнага ўніверсітэта  Кацярыны  Маcсэ  прайшла  ў  дзіцячай  бібліятэцы №6 імя Васіля Віткі. Аўдыторыя — старшакласнікі сталічнай СШ No 60 — даведалася, што пачынала Кацярына як рускамоўны аўтар, а не так даўно пачала пісаць па-беларуску, прычым спачатку лічыла гэта сваім чарговым творчым эксперыментам.

Разам  з  маладымі  паэтэсамі  Людмілай  Клачко,  Маргарытай  Латышкевіч  і Ганнай  Мартынчык  Кацярына  Массэ  паўдзельнічала  і  ў  новай  пастаноўцы «Чатыры пары года» Мінскага гарадскога тэатра паэзіі, пастаяннай сцэнічнай пляцоўкай якога стала Цэнтральная мінская гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы. За адзін вечар перад вачыма гледачоў прайшло ўсё гадавое кола. Дзякуючы  Маргарыце  Латышкевіч  гледачы  займелі  магчымасць  пагукаць  вясну  і нават  паўдзельнічалі  ў  спектаклі. Агністыя  вершы  Людмілы  Клачко,  поўныя летняй цеплыні, аздабляліся выдатнымі гітарнымі імправізацыямі лідара гурта
«Ivory»  Сяргея  Бутоўскага.  Ганна  Мартынчык  з  дапамогаю  маладых  акцёраў тэатра «Сатрап» напоўніцу раскрыла перад гледачамі ўсе фарбы мудрай восені. А ў Кацярыны Массэ атрымаўся зусім не трывіяльны вобраз зімы, якому надалі адметнае адценне музыкі з гурта «Dzivasil».

Свята роднай мовы «Жывыя вытокі» ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным  цэнтры  пачалося  майстар-класам  па  выяўленчым  мастацтве  ад  сябра  Беларускага  саюза  мастакоў  Уладзіміра  Рынкевіча.  У  работах  творцы знайшлі адлюстраванне  любоў  да  родных  мясцін  і  прыгажосць  сінявокага  краю. У фае Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага можна было пабачыць кніжную выстаўку «Нам засталася спадчына».

У межах  сумеснага  праекта  Саюза  пісьменнікаў  Беларусі  і  Дзяржаўнага  музея  гісторыі  беларускай  літаратуры  пісьменніцка-музейны  «дэсант»  наведаў  Барысаў.  Пісьменнікі  Анатоль  Зэкаў  ды  Іна  Фралова,  супрацоўніцы  музея  Лідзія  Шагойка  і  Вольга  Шаўчэнка  сустрэліся  з  вучнямі  мясцовай  СШ  No  2.  А  разам  з  першым  сакратаром  СПБ  Генадзем  Пашковым  гэтая  ж творчая  дэлегацыя  завітала  ў  Мінскую  раённую  цэнтральную  бібліятэку,  што месціцца  ў  пасёлку Міханавічы.  Прысталічныя  бібліятэкары  зладзілі  імпрэзу, прысвечаную творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.
 

ЛіМ", 2016, 4 сакавіка

Дзіна ДОЛЬСКАЯ

| февраль 2017 | ноябрь 2016 | сентябрь 2016 | июль 2016 | июнь 2016 | май 2016 | апрель 2016 | март 2016 | февраль 2016 | январь 2016 | декабрь 2015 | ноябрь 2015 | октябрь 2015 | сентябрь 2015 | июль 2015 | июнь 2015 | май 2015 | апрель 2015 | февраль 2015 | январь 2015 | декабрь 2014 | ноябрь 2014 | октябрь 2014 | июнь 2014 | май 2014 | апрель 2014 | март 2014 | февраль 2014 |
Поделитесь с друзьями:
СПЕЦИАЛИСТАМ
Насколько часто вы посещаете библиотеку?
Раз в год
Раз в месяц
Каждый выходной
Никогда
Авторизация
Имя пользователя

Пароль

Войти

Забыли пароль?       Регистрация