ЦЕНТРАЛИЗОВАННАЯ СИСТЕМА ГОСУДАРСТВЕННЫХ ПУБЛИЧНЫХ БИБЛИОТЕК Г.МИНСКА

29.05.2015 "Парнас" зачароўвае

«Сувязь пакаленняў» — пад такой назвай прайшло чарговае літаратурнае свята ў паэтычным клубе «Парнас», створаным сталічным аддзяленнем СПБ пры публічнай бібліятэцы No 5. Перад навучэнцамі архітэктурна-будаўнічага каледжа і студэнтамі медыцынскага ўніверсітэта выступілі паэты розных пакаленняў.

Кіраўнік клуба, паэт Міхась Пазнякоў, разважаў пра захаванне пераемнасці паміж пакаленнямі, умацаванне еднасці народа, супрацоўніцтва і сяброўства. Прачытаў творца свае вершы, прысвечаныя Вялікай Перамозе, героям вайны, Беларусі, славянскай супольнасці. Затым прадставіў слухачам членаў СПБ: паэтаў Мікалая Кулецкага, Хізры Асадулаева, Міколу Шабовіча і прадстаўнікоў таленавітай творчай моладзі Ганну Мартынчык і Віктара Гасюля. У іх выкананні прагучалі вершы рознай тэматыкі: ад патрыятычных да любоўнай лірыкі.

Павел КУЗЬМІЧ,

"ЛіМ", 2015, 29 мая

22.05.2015 Раман ці дзённік?

Прэзентацыя кнігі Віктара Шніпа «Заўтра была адліга», што пабачыла свет сёлета ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», адбылася ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Імпрэза ініцыявана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Мінскім гарадскім аддзяленнем саюза пісьменнікаў Беларусі.

На пачатку прэзентацыі некалькі музычных кампазіцый выканаў узорны ансамбль скрыпачоў і віяланчэлістаў СШ No 77 «Элегія».

Галоўны спецыяліст МГА СПБ Іна Фралова згадала сваю першую сустрэчу з Віктарам Шніпам, што адбылася амаль пяць гадоў таму: ён выступіў рэдактарам абедзвюх кніг яе лірыкі. «Віктар Анатольевіч — гэта мае ўніверсітэты, прычым не толькі ў творчасці, але і ў стаўленні да людзей», — зазначыла паэтэса. Потым яна адкрыла для сябе В. Шніпа як перакладчыка. Шчырае слова пра пісьменніка прамовіла і загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка.

Завітала на прэзентацыю жонка Віктара Шніпа — пісьменніца Людміла Рублеўская, якая распавяла пра герояў дзённікавых запісаў Віктара Анатольевіча. А разам творцы прадэманстравалі прысутным сямейную фотахроніку: дзіцячыя і юнацкія гады В. Шніпа, яго бацькі, дзеці, творчыя настаўнікі, калегі па пяры... І, канечне ж, выявы роднай прыроды, на ўлонні якой сталеў талент пісьменніка (родам В. Шніп з вёскі Пугачы Валожынскага раёна).

«Дзённікавы раман паэта» — так акрэслівае жанр кнігі «Заўтра была адліга» сам аўтар. Насамрэч, дзённікавыя запісы, зробленыя ў век «блогаратуры» — твораў, што ствараюцца ў сеціве, — гожа спалучаюцца тут з лірычным роздумам, філасофіяй, афарыстычнасцю, анекдатычнасцю. Людзі, падзеі, ідэі — усё ў адной кнізе. Ды і чытачоў аўтар заклікае не ленавацца пісаць дзённікі, якія сам вядзе з 18 гадоў.

Яна ЯВІЧ,

"ЛіМ", 2015, 22 мая

22.05.2015 Хараство наміткі

 

У сталічнай публічнай бібліятэцы No 5 адбылося другое пасяджэнне Клуба творчых жанчын «Спадарыня», створанага пры Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прайшло яно пад назвай «Тры Вольгі»: сябрам клуба была прадстаўлена творчасць паэтэс Вольгі Шпакевіч, Вольгі Норынай і Вольгі Сакаловай.

Яны чыталі свае вершы, знаёмілі сябровак па клубе з выдадзенымі кнігамі, адказвалі на пытанні. Вольга Сакалова, аўтар васьмі паэтычных кніг, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне», нядаўна адзначыла юбілей. Павіншаваў Вольгу Міхайлаўну старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў. Уручыў і ўзнагароду — медаль «За вялікі ўклад у літаратуру».

Апроч таго, на пасяджэнні клуба творчыя жанчыны вучыліся навіваць намітку. Як гэта рабіць, паказвала дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Любоў Сівурава. Між іншым, сапраўдную намітку (а Любоў Пятроўна свае наміткі, якім больш за 100 гадоў, атрымала ў спадчыну ад бабулі і прабабулі) большасць з сяброў клуба пабачылі ўпершыню. Любоў Сівурава распавяла пра сакральную ролю хусткі, фартуха, гарсэта, кашулі і спадніцы ў жыцці беларускай жанчыны. І не толькі распавяла, але і... апранула сучасных кабет у нацыянальныя строі.

Напрыканцы жанчыны-творцы атрымалі прыемны падарунак: чытаў вершы і спяваў паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі.

Тамара БУНТА,

"ЛіМ", 2015, 22 мая

08.05.2015 Маладыя сэрцы адгукаюцца

Свята маладой паэзіі «Водгукі памяці», прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі, адбылося ў сталічнай публічнай бібліятэцы No 5, дзе працуе паэтычны клуб «Парнас».

Гэтым разам слухачы пачулі ў аўтарскім выкананні вершы Дар’і Лёсавай, Людмілы Клачко, Яны Явіч і Таццяны Купрыянец.

Урывак з паэмы «Дзень добры, Іван Данілавіч», прысвечанай памяці айчыннага пісьменніка Янкі Сіпакова, прадставіла публіцы Дар’я Лёсава. А пяру Таццяны Купрыянец належыць цэлы цыкл вершаў пра Вялікую Айчынную вайну. Філасофіяй і элегічным роздумам прасякнута лірыка Людмілы Клачко і Яны Явіч.

На першы погляд, сённяшняя маладая паэзія і тэма Вялікай Айчыннай вайны — рэчы несумяшчальныя. Аднак удзельніцы гэтай паэтычнай імпрэзы сваёй творчасцю даводзяць зваротнае. Цешыць, што маладыя сучаснікі ведаюць і шануюць подзвіг мужнага пакалення.

Арына КРАЙКО,

"ЛіМ",2015, 8 мая

| сентябрь 2017 | апрель 2017 | март 2017 | февраль 2017 | ноябрь 2016 | сентябрь 2016 | июль 2016 | июнь 2016 | май 2016 | апрель 2016 | март 2016 | февраль 2016 | январь 2016 | декабрь 2015 | ноябрь 2015 | октябрь 2015 | сентябрь 2015 | июль 2015 | июнь 2015 | май 2015 | апрель 2015 | февраль 2015 | январь 2015 | декабрь 2014 | ноябрь 2014 | октябрь 2014 | июнь 2014 | май 2014 | апрель 2014 | март 2014 | февраль 2014 |
Поделитесь с друзьями:
СПЕЦИАЛИСТАМ
Насколько часто вы посещаете библиотеку?
Раз в год
Раз в месяц
Каждый выходной
Никогда
Авторизация
Имя пользователя

Пароль

Войти

Забыли пароль?       Регистрация